ФІЗІЯЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,
навука, што вывучае арганізацыю, інтэграцыю і рэгуляцыю функцыянальных сістэм расл. арганізмаў. Асн. раздзелы: фотасінтэз і транспарт рэчываў, дыханне і абмен другасных злучэнняў, глебавае (каранёвае) жыўленне, водны абмен, рост і развіццё, устойлівасць, фізіялогія імунітэту. У даследаваннях выкарыстоўваюцца класічныя метады (палявы і вегетацыйны, водныя культуры і інш.), метады фіз.-хім. біялогіі, культуры клетак і тканак, генныя мутанты і інш.
Развівалася як састаўная ч. батанікі. Як самаст. навука пачала фарміравацца ў 1-й пал. 17 ст. (эксперыменты па жыўленні раслін, Ян ван Гельмант). Асн. этапы: адкрыццё фотасінтэзу (канец 18 ст.; Дж.Б.Прыстлі, Я.Інгенгаўз, Ж.Сенеб’е), вывучэнне роставых рухаў — трапізмаў (Ч.Р.Дарвін і інш.), тэорыя мінер. (глебавага) жыўлення раслін (2-я пал. 19 ст.; Ю.Лібіх, Н.Т.Сасюр, Ж.Бусенго), вывучэнне механізмаў дыхання раслін (канец 19 — пач. 20 ст.; А.М.Бах, У.І.Паладзін), абмену рэчываў і энергіі (А.С.Фамінцын), ролі хларафілу ў фотасінтэзе і абгрунтаванне касм. ролі зялёных раслін (К.А.Ціміразеў). Уклад у развіццё Ф.р. зрабілі С.П.Костычаў (біяхімія раслін, экалагічная фізіялогія), А.Л.Курсанаў (інтэграцыя функцыян. сістэм, транспарт асімілятаў у расл. арганізме), А.А.Нічыпаровіч (тэорыя фотасінт. прадукцыйнасці), М.Р.Халодны, М.Х.Чайлахян (гарманальная тэорыя антагенезу), Р.Р.Бутэнка (морфагенез у культуры ізаляваных клетак і тканак).
На Беларусі даследаванні па Ф.р. вядуцца з 1920-х г. у БДУ і БСГА (М.М.Гайдукоў, Ц.М.Годнеў). Асн. навук. цэнтры: Ін-т эксперым. батанікі, Ін-т фотабіялогіі, Цэнтр. бат. сад Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў. Найб. ўклад у развіццё Ф.р. зрабілі Н.Г.Аверына, А.П.Валынец, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, В.П.Дзеева, Л.Р.Емяльянаў, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.У.Калішэвіч, В.Ф.Купрэвіч, М.А.Ламан, С.М.Маштакоў, У.М.Рашэтнікаў, У.Р.Рэуцкі, Я.А.Сідаровіч, С.А.Сяргейчык, З.Я.Сярова, В.М.Цярэнцьеў, М.Ц.Чайка, У.М.Юрын і інш. Даследуюцца прырода і механізмы функцыянавання фотасінт. апарату, рост, развіццё і прадукцыйны працэс с.-г. раслін, механізмы ўстойлівасці да біягенных і абіягенных фактараў навакольнага асяроддзя, мінер. жыўленне і водны абмен, механізмы ўздзеяння сінт. рэгулятараў росту, фізіял. асновы селекцыі с.-г. культур і інш.
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;
Новые направления в физиологии растений. М., 1985;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
М.А.Ламан.
т. 16, с. 380